Закладная тэхніка ткацтва чырвоных-белых ручнікоў
Закладное ткацтва чырвона-белых ручнікоў в.Семежава Капыльскага раёна
(нематэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць Рэспублікі Беларусь)
Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Капыльшчыны – яркая і самабытная старонка ў гісторыі беларускай культуры. Капыльшчына мае свой непаўторны лакальны варыянт вытыкання ручнікоў. Бялёвыя, з важкімі чырвонымі канцамі капыльскія ручнікі захавалі ў сваім мастацкім вобразе рысы архаічнасці. Ручнікі вытканыя ў тэхніцы закладнога ткацтва, якое па мясцоваму называецца «старасвецкае ткацтва», «старасвецкае натыканне», робяць на нас моцнае ўражанне, захапляючы сваёй незвычайнай святочнасцю. Магчыма, бытаванне закладной тэхнікі ткацтва на Капыльшчыне звязана з былой вытворчасцю на мясцовых мануфактурах шпалер і дываноў у габеленавай тэхніцы, бо абедзьве тэхнікі падобныя паміж сабой. Тып капыльскіх ручнікоў развіваўся на працягу XIX – першай паловы XX стагоддзя. Уласцівыя ім арнаментальныя матывы і тэхніка выканання застаюцца прыцягальнымі для мясцовых ткачых. Трэба адзначыць, што ўсе арнаменты капыльскіх ручнікоў у мясцовых жыхароў распазнавальныя, кожны з узораў мае адпаведную па форме і зместу ўласную назву. Гэта абумоўлена тым, што на Капыльшчыне і ў наш час ручнік працягвае сваё існаванне ў непаўторнай сцвязі з пераемнасцю жывога ткацкага рамяства. Ткаліся такія ручнікі толькі ў Семежаве і блізляжачых вёсках – Макраны і Лешня

Капыльскія ручнікі маюць узбуйнены чырвона-белы арнамент. Канцы ручнікоў аздоблены чырвоным натыканнем, вышыня якога дасягае 40-45 см, даўжыня да 400 см. Кампазіцыя часцей за ўсё ўтварае адзін рад арнаментальных матываў, аднак нярэдка спалучаюцца два-тры бардзюры з рознымі арнаментамі. Уверсе уся кампазіцыя замыкаецца вузкай узорыстай палоскай. Абодва бакі ўзору маюць аднолькавы малюнак, што абумоўлена тэхнікай закладнога ткацтва, якая па-мясцоваму называецца «у матрушкі». Буйныя і лаканічныя па формах матывы геаметрычнага арнаменту маюць больш за 20 мясцовых назваў: «лупач», «дзяды», «зорка», «бярозавы лісток», «матыльчыкі», «касіца», «шурпа», «шпорка», «распорка», «малаты», «вярба», «п’яўка», «блудны крыж», «кашачая лапка», «арол», «грабяні». Арнаментальныя матывы, якія ўплецены ў структуру самой тканіны, спрошчаныя ў сваіх відарысах, манументальныя, падкрэслена манументальныя і важкія. Капыльскія закладныя ручнікі ўпрыгожваюць пакупныя ці вязаныя кручком карункі. Але нярэдка ручнікі ўвогуле не маюць дадатковых аздоб і завершаны толькі невялічкімі махрамі з нітак асновы. Белая ручнікоавя палатніна выткана з адбеленага ільну на пяці-чатырох нітах узорам «шахі».
Закладным арнаментам аздаблялася і адзенне: кашулі, фартухі. У хатніх калекцыях мясцовых жыхароў можна ўбачыць насыпкі на падушкі, настольнікі, вытканыя характэрным арнаментальным матывам.

